Пайшла, ніколі ўжо не вернецца…

У мінулы чацвер на Елісееўскіх могілках пад Барысавам пахавалі, мабыць, самую таленавітую бела­рускамоўную паэтку Барысаўшчыны Таццяну Зіненку.

Чорныя стараверскія крыжы на фоне белага снегу толькі ўзмацнялі жалобнасць гэтай штодзённай, па сутнасці, падзеі. У той лютаўскі дзень хавалі некалькі чалавек, але Таццяна была апошняй, калі дзень павольна пераходзіў у вечар і анёл у выглядзе рэдкіх сняжынак спускаўся з неба. Затрымка здарылася з­за таго, што нябожчыцу з морга павезлі не на могілкі, а на кватэру сваячніцы, дзе яе адпяваў айцец Аляксандр.

У апошні шлях памерлую праводзілі блізкія сябры, педагогі, журналісты недзяржаўных газет. Цырымонія была сціплай, як і сама жанчына, якая ляжала ў труне. Вянкоў таксама было няшмат, адзін з іх – ад паэтаў літаб’яднання «Натхненне» – усклаў аўтар гэтых радкоў. На крыжы, які па стараабрадчаскай традыцыі быў усталяваны ў нагах нябожчыцы, значыліся лічбы: 4 сакавіка 1960 – 1 лютага 2011. Таццяна пражыла крыху больш за 50 год, але пакінула памяць у сэрцах аматараў паэзіі і удзячных вучняў.

Нажаль, Т.Зіненка не ўпісвалася ў ідэалагічную канцэпцыю «педагагізацыі соцыума», з­за чаго яе вершы былі бязлітасна выкінуты з калектыўнага зборніка «Прыстанак душы».

Кніга барысаўскіх паэтаў выйшла ў свет напярэдадні Дня беларускай пісьменнасці ў 2008 годзе. Але засталася без лепшых беларускамоўных вершаў таленавітай паэткі. Дзякуючы пазіцыі членаў літаб’яднання «Натхненне», творы Таццяны Зіненкі ўвайшлі ў наступны калектыўны зборнік – «Званы памяці», і гэта была хоць невялікая часціца прызнання таленту паэта пры жыцці. Аднак намечаны да друку зборнік вершаў «Плакала дзяўчынка» Таццяна не ўбачыла, паколькі раптоўна памерла. Некалькі яе вершаў з гэтага зборніка ляглі ў труну разам з малітвай. А слова, як калісьці казала Зіненка, неўміруча.

Анатоль МАЗГОЎ

Водгукі

Пайшла, ніколі ўжо не вернецца...

Светлая памяць...

Чым ты надыхаўся, паэт,
Што ў мітусні надзённых спраў
Перакуліў на сэрца свет
І на паперу пераклаў?

Ці чым упіўся, дарагі,
Што распаліў настолькі кроў?
Хлынае боль праз берагі
Таропка скінутых радкоў.

А мо, сярэдзіна баліць
Альбо каменні на душы,
Што слова кожнае трымціць -
Нібы распялі на крыжы?

Што гэта дзеецца з табой?
Чаму не жыць бы, як усе?...

Ў адказ мне вецер...
Над труной...
Гартае сшытак...
Пакрысе...

Таццяна Дзям'янава

Theme by univerko.ru, support by cytatnik.ru.