Гарчэйшае пітво
А. Сысу
Толькі табе пазайздрошчу,
Толькі табе не зманю...
Нас пакараюць на плошчы,
Нам пашкадуюць агню.
Мы, што ніколі з табою,
Не абняліся ў жыцці,
Будзем сцяблінай адною
Разам да сонца расці,
Покуль зялёная крона
Лісце на дол не страсе.
Нас пакараюць бяскроўна:
Ветліва і пакрысе.
Мы не народжаны доўга
Жыць і жыццё разумець.
Нам абяруць, як нябогам,
Самую лёгкую смерць.
І, парынаючы ў лету,
Мы не згадаем зямлю,
Дзе паміраюць Паэты,
Перш чым пачуюць: Люблю...
Водгукі
Анатоль Сыс мой любімы паэт, і вершы Таццяны Зіненка кранаюць да глыбіні маю душу...
Моцна!